«...Валянцін Дубатоўка — не гісторык і не краязнаўца. Ён — прадпрымальнік. Але ў справе дасканалага вывучэння жыцця старажытнага роду Сапегаў “дылетант” Дубатоўка здолеў апярэдзіць прафесіяналаў. Пакуль ён — адзіны ў Беларусі чалавек, які па ацалелых “цаглінках” з вензелем Сапегаў аднавіў у сваёй кнізе іх імперыю. Адкрыццё, якое Валянцін зрабіў у Зэльве, шакіравала спецыялістаў сваім блюзнерствам — тутэйшая Свята-Троіцкая царква была раней... тэатрам.
Шчыра кажучы, вучоныя і святары даўно заблыталіся з гісторыяй будыніны на рагу цяперашніх Савецкай і Кастрычніцкай вуліц. У даведніках пазначана, што яна “закладзена ў 1815 г. з цэглы як касцёл на падмурку драўлянай царквы 1434 г.”, які ў 1909 г. перабудавалі ў праваслаўны храм.
— Усё хлусяць даведнікі, — катэгарычна сцвярджае Валянцін. — Там, дзе месціцца Свята-Троіцкая царква, у XV ст. яшчэ не было Зэльвы. Першае з пахаванняў святароў вакол храма пазначана 1830-м.
— Але на якой падставе ты сцвярджаеш, што тут быў тэатр?! — не здаюся я.
— А ты зірні, як стаіць храм, зірні! — гарачыцца Дубатоўка. — Алтаром не на Захад (як касцёл), не на Усход (як царква), а проста ў радок з іншымі пабудовамі. Так фарміравалася вуліца ў той самы час, калі Зэльва грымела на ўсю Еўропу сваім Анненскім кірмашом, роўным па размаху з Лейпцыгскім. Штогод з 25 лiпеня па 25 жнiўня насельнiцтва мястэчка ўзрастала да 3 тысяч чалавек... Хіба Сапегі не выкарысталі б такую магчымасць, каб здзівіць заезджы люд тэатральнымі пастаноўкамі?..
...Настаяцель Троіцкай царквы айцец Аляксандр лічыць яе ад пачатку самай што ні на ёсць храмавай пабудовай: “У вёсцы Івашковічы, непадалёк ад Зэльвы, захаваліся рэшткі храма, які зруйнавалі падчас першай сусветнай вайны. Пабудова цалкам нагадвае нашу”.
Вядомы экскурсавод Анатоль Варава схільны да таго, каб прыняць версію Валянціна Дубатоўкі: “Я не толькі знаёмы з яго грунтоўным даследаваннем “Архіпелаг Сапегаў”, але і сам не раз наведваў царкву. У ёй насамрэч ёсць зусім не характэрныя для культавага дойлідства абходныя памяшканні. Тут мог мясціцца тэатр”....»