"У ваколіцах вёскі Стукаўшчына лынтупскім краязнаўцам А. Гарбулем выяўлены вялікі паганскі культавы комплекс, які, магчыма, з’яўляўся галоўным свяцілішчам Нальшчанскай зямлі. Дэталёва ён даследаваўся гісторыкамі В. Вайткявічусам і Э. Зайкоўскім, а таксама ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка Лынтупскай школы пад кіраўніцтвам С. Васільева. Аб’ектамі, якія пацвярджаюць знаходжанне тут паганскага капішча, з’яўляюцца тысячагадовы дуб, з-пад каранёў якога біла раней крыніца, гара Каўказ (kaukas (літ.) — чорт), балота Аселіца, з якім звязана некалькі легенд. Недалёка ад дуба знаходзіцца ўрочышча Падбаба, дзе ёсць святая крыніца і быў камень-ахвярнік. Там жа знаходзіцца і камень-следавік. Паблізу выяўлена група камянёў са знакамі і легендамі (Камень-Дзед, Камень-Ложак, акамянелая крыніца са святой вадой). Ва ўрочышчы Навіна знаходзяцца два камяні з дзіркамі. У гэтай мясцовасці ёсць і вадаём, які патрабаваў ахвяр — там нібыта водзяцца русалкі, вадзянікі, часта там тапіліся людзі. Асаблівасцю мясцовасці з’яўляецца тое, што яна знаходзіцца на водападзеле трох рэк: Янавіцы, Свілы і Лынтупкі." (Ігар Пракаповіч, "За смугою мінулых часоў: Старажытная гісторыя і археалагічныя помнікі Пастаўскага краю", 2011).
Еще несколько фотографий языческих объектов Стуковщины см.
на форуме.