"Вядома ж, не мы былі першыя, хто “знайшоў” сядзібу, і не мы будзем першыя, хто падымае пытанне аб наданні ёй адпаведнага статусу. Яшчэ ў ліпені 2014 года група краязнаўцаў з Баранавічаў, а таксама былы гаспадар сядзібы пісьменнік Міхась Амялішка правялі інвентарызацыю сядзібнага дома і гаспадарчай пабудовы (пуні) і пастанавілі: “Улічваючы старадаўнасць былога дома Слізняў, зробленага з дрэва па тэхналогіях 18 стагоддзя, і гісторыю гэтага месца, трэба надаць яму статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры выкананні неабходных мерапрыемстваў гэта сядзіба можа быць элементам турыстычнай інфраструктуры Брэсцкай вобласці”.
Вось што на сённяшні дзень вядома пра гэты будынак. Дакладная дата яго пабудовы пакуль не ўстаноўлена. Або сядзіба пабудавана напрыканцы XVIII стагоддзя, або ў 182030-х. Згодна з успамінамі Міхася Амялішкі, да 1939 года на сядзібе вісела шыльда, якая сведчыла, што будынак быў “застрыхаваны ў 1828 годзе”. Ігнат Дамейка, брат якога Адам узяў шлюб з Юзэфай Слізень (да 1830 года) у старым сядзібным будынку, у 1884 годзе запісаў у дзённіку, што таго будынка ўжо не было і на яго месцы стаяла “нейкая альтанка”.
Сядзіба належала Слізням да канца
1920-х гадоў, у 1929 яе набыў Васіль Амялішка, бацька пісьменніка. Цікава, што ў часы Першай сусветнай вайны сядзіба аказалася на перадавой і навакол яе былі вырыты акопы. Тым не менш яна перастаяла. Як перастаяла і Другую сусветную вайну, хоць партызаны і спалілі некалькі гаспадарчых пабудоў. У 194041 гадах у сядзібе была адкрыта беларуская школа. У 194243 гадах быў медпункт, у якім працавала сям’я лекараў-габрэяў. Каб тыя не збеглі ў лес, паліцаі вывезлі сям’ю ў невядомым накірунку, і, магчыма, расстралялі ў лесе пад Вольна. Пасля вайны Амялішкі адбудавалі спаленыя будынкі і да 1973 года з’яўляліся гаспадарамі сядзібы. Пасля чаго прадалі яе сям’і Шараметаў, а самі пераехалі ў Гродна." (Зміцер Юркевіч,
kimpress.by, 2021)